Агрогородок,  История

Трэцяе стагоддзе на хлебаробчай ніве

Сельская дынастыя Лабовічаў налічвае дзвесце шэсцьдзясят гадоў працоўнага стажу. Дзяржаўнымі ўзнагародамі — медалямі “За працоўную адзнаку” і “За добрасумленную працу” — былі ўзнагароджаны сыны яе заснавальніка — Зігмунд і Вацлаў.

Памятаюць свае карані

Доцішкі. Роўбішкі. Павіланцы. У гэтых населеных пунктах сёння жывуць нашчадкі заснавальніка сельскагаспадарчай дынастыі Івана Купрыянавіча Лабовіча, якія прадоўжылі яго нялёгкую справу. Усе яны беражліва адносяцца да радавога гнязда ў Енчах. І сустрэчу з журналістамі раёнкі прызначылі менавіта там. Дарога прывяла нас да акуратнага, нядаўна пафарбаванага, практычна з усіх бакоў акружанага разгалістымі дрэвамі дома. Побач з ім знаходзілася непрыкметная, але дарагая сэрцам Лабовічаў хатка. Менавіта ў ёй колісь жыў прадзед Іван.

Нарадзіўся Іван Купрыянавіч у пачатку мінулага стагоддзя. Як усе сельскія хлапчукі, з дзяцінства працаваў на палетках. Быў ён здольным і кемлівым чалавекам, ведаў лекавыя травы. Гэта яму і згадзілася ў жыцці — лячыў народнымі сродкамі жывёлу. Калі ў 1949 годзе ўтварыўся калгас “За Радзіму” (сёння КСУП “Доцішкі”), Іван Лабовіч стаў ветэрынарам. Дзесяць год ён аддаў сельскай гаспадарцы. Крыху менш — яго жонка Марыя Антонаўна, якая даіла на ферме кароў, некаторы час была паляводам.

Па жыцці — за рулём

Сям’я ў Івана Купрыянавіча была шматдзетнай. Звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай вырашылі два сыны — Зігмунд і Вацлаў. Тут, у Енчах, і пабудаваліся. Зігмунд — ля бацькоўскай хаты, а Вацлаў — крыху воддаль, на хутары. Калі адкрыліся першыя ДТСААФы, юнакі пайшлі туды вучыцца. І ў 1956 годзе абодва ўладкаваліся на працу вадзіцелямі ў калгас “За Радзіму”.

IMG-a4a5fc293490ecd02c00b2e76210285f-V

За баранкай Зігмунд Іванавіч быў сорак тры гады. На ЗІЛе ездзіў у далёкія рэйсы ва Украіну, Расію. Бывала, прыедзе, не паспее дзень-другі адпачыць ад доўгай дарогі, а ўжо новы рэйс на падыходзе. З усіх дарог чакала мужа дома жонка Ірына. І як усе спраўныя беларускія жанчыны, яна паспявала ўсюды: працаваць у мясцовым магазіне, трымаць у парадку дом, даглядаць дзяцей. У 1979 годзе Ірыну Уладзіміраўну за годнае выхаванне пяцярых дзетак узнагародзілі “Медалём мацярынства” ІІ ступені.

Напэўна, самай любімай парой у шматдзетнай сям’і была зіма. Тады ў калгасе станавілася менш спраў, і бацька мог больш часу праводзіць з сынамі і дачушкай. Лабовічы ўсёй сям’ёй разам з аднавяскоўцамі ішлі на сажалку, чысцілі лёд і дружна ігралі ў хакей.

Хатнія вельмі любілі Зігмунда Іванавіча, які быў справядлівым і здольным чалавекам. Пасля выхаду на пенсію яго часта можна было застаць за пляценнем кошыкаў. Для дарослых — вялікія, а для ўнукаў — маленькія, каб зручней было хадзіць у грыбы і ягады. Дзеці спяшаліся ў госці да дзеда Зігмунда. Шмат гульняў і цікавых спраў чакала іх у Енчах. А як было здорава абстаўляць дзядулю ў шашкі! Унукі ўпэўнены, што іх школьныя перамогі на шашачных баталіях — гэта заслуга толькі дзядулі.

Таксама, як брат Зігмунд, ад раніцы да позняга вечара працаваў у гаспадарцы Вацлаў Іванавіч. Яго прафесійны стаж склаў сорак шэсць год. Дарога забірала шмат часу. Цяжэй стала, калі пабудавалі свінакомплекс “Ківанцы”. Тады пра камбікорм для жывёл трэба было клапаціцца самой гаспадарцы. Часта яго Вацлаў прывозіў за поўнач, таму разгрузку машыны пакідаў на раніцу. Толькі крыху паспяваў задрамаць, як ужо трэба было бегчы на работу. Быў адзін выхадны — у нядзелю, ды і то незаўсёды. Кожны раз, адпраўляючыся ў дарогу, мужчына быў спакойны: дома лад і парадак. Жонка Алена, якая працавала даяркай, была руплівай гаспадыняй. А калі падраслі іх чацвёра дзяцей, то сталі надзейнымі памочнікамі бацькам.

Па слядах бацькі

Ідучы на заслужаны адпачынак, Вацлаў Іванавіч і не здагадваўся, што сын Станіслаў сядзе за руль яго ЗІЛа. На машыне, якая “спявала” ў здольных руках бацькі, юнаку было спадручна ездзіць. Калі ж тая адслужыла сваё, нават складана было з ёй растацца.

Станіслаў, як кажуць, майстар на ўсе рукі. У сельгаспрадпрыемстве яго ведаюць не толькі як умелага вадзіцеля, але і як адказнага зваршчыка і механіка. Станіслаў Вацлававіч жартуе, што працаваў ён у “арміі” тэхдапамогі. Жонка Данута ганарыцца сваім мужам, механікам ад бога, і раздзяляе яго любоў да сельскага ўкладу жыцця. Дваццаць два гады назад яна змяніла прафесію прадаўца на аператара машыннага даення.

1C9A5499

Нашчадкі Зігмунда

Без працы на зямлі не ўяўляюць сябе і два сыны Зігмунда Іванавіча — Алег і Уладзімір. Пра добрасумленнага хлебароба Алега Зігмундавіча не раз пісала раёнка. У мінулым годзе ён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва па ўборцы зерневых і зернебабовых культур. Як камбайнеру-тысячніку яму была аб’яўлена Удзячнасць міністра сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Раней у гарачую жніўную пару бацьку дапамагалі сыны. Студэнты каледжа Вадзім і Яўген на летніх канікулах не адпачывалі ад вучобы. Іх цягнула да тэхнікі, хлебаробскай работы. “Вельмі цікава было сядзець поруч з татам, які кіраваў камбайнам, — падзяліўся Яўген. — Працуючы з ім, адчуваў сябе сапраўды шчаслівым”.

Пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа па спецыяльнасці “будаўнік” у КСУП “Доцішкі” прыйшоў Вадзім. Юнаку, які не баіцца мазаля з дзяцінства, любая справа па плячы. Тое, што дзеці ведаюць кошт хлеба, цудоўна, лічыць мама Алена (24 гады працуе ў сельгаспрадпрыемстве). Яны ніколі не будуць цурацца ніякай працы.

Малодшы сын Зігмунда Лабовіча Уладзімір сваё жыццё з сельскай гаспадаркай звязаў свядома. Ён скончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці “аграном”. Працуе кіраўніком вытворчага участка. Мужчына актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці сваёй мясцовасці як дэпутат Доцішскага сельсавета. На ўласным вопыце ведае, якія турботы ёсць у вяскоўцаў і, калі ўзнікае неабходнасць, стараецца ім дапамагчы.

1C9A9154

Лідар мінулагодняга жніва Алег Лабовіч.

— На работу муж ідзе а сёмай гадзіне, — расказала жонка Ганна. — У пасяўную і ўборачную пару вяртаецца, калі дзеці спяць. Разумею яго. Сама працую ў гаспадарцы загадчыцай склада запчастак. На работу могуць выклікаць у любы час. Зімой муж можа больш часу ўдзяліць сынам. Яны захапляюцца спортам, па тэлевізары не прапускаюць біятлон. Вечарам ходзяць у Доцішскую школу, каб сыграць у футбол.

У Ганны Тадэвушаўны душа больш ляжыць да вясковага памяркоўнага жыцця. Ды і дзецям тут спадручней. А сямейныя паездкі ў Енчы яшчэ больш аб’ядноўваюць Лабовічаў, дазваляюць удосталь атрымаць асалоду ад вясковага водару паветра, салаўіных пошчакаў ля самага акна.

Марына КАНДРАТОВІЧ.